У Беларусі судзяць лаўрэата Нобелеўскай прэміі ды лідараў апазіцыі на фоне ўзмацнення жорсткасці рэпрэсій

Click here to request the narration for this article

У Беларусі шырока распаўсюджаныя жорсткасць з боку міліцыі, злоўжыванне судовай уладай, маніпуляцыі і рэпрэсіі за грамадзянскую актыўнасць, накіраваныя на здушэнне галасоў грамадзян. Рэжым выкарыстоўвае новыя “прававыя” інструменты прымусу, каб зрабіць змрочную рэальнасць яшчэ больш змрочнай.

Лаўрэата Нобелеўскай прэміі Алеся Бяляцкага зноў судзяць

5 студзеня 2023 года пачаўся суд па палітычна матываванай справе Праваабарончага цэнтра “Вясна”. На лаве падсудных трое праваабаронцаў, кожнаму з якіх пагражае ад 7 да 12 гадоў пазбаўлення волі: старшыня “Вясны”, лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі; яго намеснік Валянцін Стэфановіч і каардынатар кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Уладзімір Лабковіч. Алесь Бяляцкі быў у зняволенні з 2011 г. па 2014 г. паводле сумнеўных абвінавачанняў. Яго зноў пазбавілі свабоды ў ліпені 2021 года.

З імі ўсімі абыходзяцца як з небяспечнымі злачынцамі, што выглядае як спроба максімальна запалохаць. Іх трымаюць у клетцы і кайданках, а два нарады міліцыі правяраюць кожнага, хто ўваходзіць у будынак суда. Суддзя адхіліў хадайніцтва падсудных аб тым, каб працэс вялі на іх роднай беларускай мове.

Зразумела, Бяляцкаму не дазволілі ўзяць удзел у цырымоніі ўручэння Нобелеўскай прэміі міру, якая адбылася ў Осла 10 снежня 2022 года.

У прапагандысцкім рэпартажы на дзяржаўным тэлевізійным канале “Беларусь 1″ не было сказана ні слова пра міжнароднае прызнанне, атрыманае Бяляцкім і яго калегамі. Замест гэтага ў рэпартажы паставілі пад сумнеў іх статус як праваабаронцаў і прадставілі іх як “злачынцаў, якім садзейнічаў ЕС і якія кантрабандай перапраўлялі грошы для падтрымкі дэструктыўнай апазіцыі” ў Беларусі. Беспрэцэдэнтны ўзровень маніпуляцыі нават для інфармацыйнай сферы Беларусі, у якой маніпуляцыі выкарыстоўваюцца надзвычай шырока.

Больш палітычных зняволеных, “экстрэмістаў” і “тэрарыстаў”

Колькасць палітычных зняволеных у Беларусі па стане на 31 студзеня 2023 года складала не менш як 1 441 чалавек. Мы ўжо асвятлялі гэтую тэндэнцыю тут, на EUvsDisinfo. Сапраўдная колькасць палітвязняў можа быць значна вышэйшай, бо робіцца ўсё цяжэй адсочваць выпадкі пераследу па палітычных матывах – судовыя працэсы становяцца ўсё больш закрытымі. Акрамя таго, рэпрэсіі не спыняюцца з выхадам вязняў з месцаў пазбаўлення волі. Выйшаўшы з турмы ці міліцыі, людзі застаюцца на экране радара беларускай дзяржавы.

Рэпрэсіўная машына працягвае працаваць, і кожны тыдзень у рэестр трапляюць новыя імёны. З таго часу, як кампанія па выбарах прэзідэнта Беларусі ў 2020 годзе завяршылася абвяшчэннем дзяржавай сфальсіфікаваных вынікаў, праваабаронцы задакументавалі больш за 2 500 абвінаваўчых прысудаў і пераслед яшчэ як мінімум 3 500 чалавек па палітычна матываваных крымінальных справах.

Справаздача “Вясны” пра сітуацыю з правамі чалавека, апублікаваная ў снежні 2022 года, паведамляе пра “шырокамаштабны і сістэматычны пераслед нязгодных”, які працягваецца. Справаздача дакументуе прымяненне катаванняў ды іншых забароненых відаў абыходжання падчас палітычна матываваных крымінальных расследаванняў. Яна таксама адлюстроўвае факты паўсюднага пераследу грамадзян дзяржавай – пад прыкрыццём барацьбы з экстрэмізмам і тэрарызмам – за пратэсты супраць фальсіфікацыі рэжымам вынікаў выбараў.

Пазасудовы спіс “экстрэмістаў”, які вядзе Міністэрства ўнутраных спраў, цяпер уключае ў сябе больш за 2 300 чалавек, у тым ліку больш як дзясятак журналістаў. Толькі за снежань у яго ўнеслі больш за 200 імёнаў. У спісе “тэрарыстаў”, які вядзе КДБ Беларусі, каля 250 беларусаў, а таксама некалькі беларускіх груп і арганізацый.

Рэжым наляпляе ярлыкі “экстрэмісцкі” і “тэрарыстычны” на арганізацыі, СМІ, кнігі ды іншыя матэрыялы. Нядаўна папулярны беларускі рок-гурт Tor Band быў прылічаны да “экстрэмісцкіх фармаванняў”. Музыкаў ды іх жонак арыштавалі ў кастрычніку 2022 года. Ім прад’явілі крымінальныя абвінавачанні за выкананне прадэмакратычных твораў.

Працягвалася і практыка запісу “пакаяльных відэа”, у якіх затрыманыя прызнаюцца ў дзеяннях, што кваліфікуюцца ўладамі як супрацьзаконныя. Гэтыя відэазапісы пазней распаўсюджваюцца ў Інтэрнэце або выкарыстоўваюцца дзяржаўнымі тэлеканаламі для ачарнення людзей і застрашвання. Паводле справаздачы “Вясны” пра сітуацыю з правамі чалавека, толькі ў снежні ахвярамі гэтай пачварнай практыкі былі не менш як 52 чалавекі.

Удар па сям’і – на прыцэле сем’і палітвязняў

Апошнім часам рэпрэсіі ў Беларусі сталі яшчэ больш пачварнымі, і сведчанне таму – трагедыя сям’і Лосікаў. 19 студзеня 2023 года Дар’ю Лосік, жонку палітвязня і блогера Ігара Лосіка, прыгаварылі да двух гадоў пазбаўлення волі за “садзейнічанне экстрэмізму”.

Улады выкарыстоўвалі гэтае сумнеўнае абвінавачанне для кваліфікацыі інтэрв’ю Дар’і Лосік тэлеканалу “Belsat TV”, які працуе ў Польшчы, пра яе пазбаўленага волі мужа, Ігара Лосіка. Яна “пазіцыянавала сябе як жонка палітвязня, а таксама дала негатыўную ацэнку дзейнасці дзяржаўных органаў, у кампетэнцыю якіх уваходзіць крымінальны пераслед і правасуддзе,” – гаворыцца ў матэрыялах справы.

У той час Лосік звярталася да міжнароднай супольнасці, настойваючы на вызваленні свайго мужа, якога раней прыгаварылі да 15 гадоў пазбаўлення волі па палітычна матываваных абвінавачаннях. Падрабязнасці чытайце ў нашым артыкуле. Чатырохгадовая дачка Лосікаў на нейкі час засталася без бацькоў.

Такім чынам рэжым у Беларусі даслаў сігнал застрашэння сем’ям іншых палітвязняў, каб яны не адважваліся публічна ставіць пад сумнеў законнасць пераследу іх родных ці выказваць якую-кольвек крытыку.

Больш завочных судоў

Апошнім часам рэжым у Беларусі практыкуе “завочныя судовыя працэсы”, на якіх справы слухаюць у адсутнасць абвінавачаных. Першыя завочныя прысуды былі вынесеныя 18 студзеня ў дачыненні да пяцярых чалавек, абвінавачаных у публікацыі дадзеных аб супрацоўніках сілавых структур, якія ўдзельнічалі ў рэпрэсіях. Кожнага з пяцярых адсутных абвінавачаных прыгаварылі да 12 гадоў пазбаўлення волі. Гэтыя судовыя працэсы таксама адлюстроўваюць новую тэндэнцыю: канфіскацыю маёмасці ў дадатак да прысудаў, звязаных з пазбаўленнем волі.

Яшчэ адзін завочны судовы працэс пачаўся 17 студзеня. Абвінавачаныя – дэмакратычны лідэр Святлана Ціханоўская, апазіцыйны палітык Павел Латушка і яшчэ трое актывістаў.

Тры “крэатыўныя” заканадаўчыя навелы

Пазбавіць грамадзянства

На працягу апошніх двух месяцаў рэжым у Беларусі прымяняе таксама іншыя злавесныя, але нібы законныя метады.

Па-першае, рэжым прыняў папраўкі, якія тычацца пазбаўлення “экстрэмістаў” беларускага грамадзянства. Падставамі для прыняцця гэтай меры могуць стаць такія крымінальныя абвінавачанні, як “падрыхтоўка да масавых беспарадкаў” або “паклёп у дачыненні да прэзідэнта”. Такім чынам шматлікія прадстаўнікі апазіцыі ў выгнанні, у тым ліку актывісты і журналісты, рызыкуюць быць пазбаўленымі беларускага грамадзянства ў бліжэйшыя месяцы. Падобныя захады нагадваюць пра тое, як СССР высылаў непажаданых і пазбаўляў іх грамадзянства.

Канфіскаваць маёмасць

Па-другое, нядаўна прыняты закон рэгулюе канфіскацыю маёмасці “па матывах грамадскай неабходнасці”. Закон дае заведама расплывістае вызначэнне тых, чыя ўласнасць можа быць канфіскаваная. Ён прадугледжвае ўсяго толькі “недружалюбныя дзеянні” замежных дзяржаў і накіраваны на людзей, якія нейкім чынам нібыта маюць дачыненне да такіх дзеянняў. На думку экспертаў у галіне права, практычна любая асоба або кампанія могуць стаць мішэнню гэтага невыразна сфармуляванага заканадаўчага акта.

Пашырыць прымяненне смяротнага пакарання

Па-трэцяе, дзяржава пашырыла падставы для прымянення смяротнага пакарання, дадаўшы туды “здраду дзяржаве”, калі яна здзейснена дзяржаўным чыноўнікам або вайскоўцам. Гэты крок можа быць спробай запалохаць дзяржаўны апарат і ўзброеныя сілы ў той час, калі пануе нявызначанасць адносна любога магчымага будучага ўдзелу вайсковых падраздзяленняў Беларусі ў вайне Расіі супраць Украіны.

Чытайце іншыя нашыя матэрыялы пра дэзінфармацыю, скіраваную супраць дэмакратычнай Беларусі.

    Why do you not like our audio?

    it will help us to improve it

      Подпишитесь на обзоры дезинформации

      Ваш еженедельный обзор прокремлевской дезинформации

      Информация о защите данных *

      Обзоры дезинформации рассылаются через сайт Mailchimp.com. Ознакомьтесь с политикой конфиденциальности Mailchimp и узнайте больше о том, как ЕСВС защищает ваши персональные данные.

        Подпишитесь на обзоры дезинформации

        Ваш еженедельный обзор прокремлевской дезинформации

        Информация о защите данных *

        Обзоры дезинформации рассылаются через сайт Mailchimp.com. Ознакомьтесь с политикой конфиденциальности Mailchimp и узнайте больше о том, как ЕСВС защищает ваши персональные данные.

        🎵 Playlist