Беларусь: Вязні на экране
Выраб і паказ у эфіры так званых «пакаяльных відэа», у якіх палітычныя зняволеныя нібыта прызнаюць, асуджаюць або шкадуюць пра сваю ранейшую дзейнасць або погляды, гэта звычайная практыка рэжыму ў Беларусі з 2020 года. Такія відэа – частка кампаніі падаўлення, шальмавання і зневажання апанентаў унутры краіны, кампаніі застрашвання. Яны маюць дэманстраваць бязлітаснае панаванне ў інфармацыйнай прасторы. Звычайна ў сюжэтах фігуруюць затрыманыя, якія на камеру раскайваюцца ў нібыта здзейсненых імі злачынствах. Мы адсочвалі і аналізавалі гэтую агідную маніпуляцыю ў папярэдніх артыкулах тут, тут і тут.
Па стане на канец 2024 года «Рэпарцёры без межаў» паставілі Беларусь на чацвёртае месца ў сваім рэйтынгу краін па колькасці зняволеных журналістаў (не менш за 40). Некаторых зняволеных супрацоўнікаў СМІ прымушаюць здымацца для прапагандысцкіх сюжэтаў.
2025 – Новыя тэмы, новыя мішэні
У “пакаяльных” відэасюжэтах беларускіх дзяржаўных тэлеканалаў, што выйшлі ў студзені-лютым 2025 года, затрыманыя, як правіла, агучваюць канкрэтныя наратывы рэжыму.
Напярэдадні інаўгурацыі Дональда Трампа ў студзені 2025 году дзяржаўнае тэлебачанне Беларусі паказала сэрыю відэасюжэтаў, знятых з трыма зняволенымі журналістамі Беларускай службы Радыё Свабода, якая падтрымліваецца ЗША, і палітычным зняволеным з падвойным грамадзянствам Беларусі і ЗША. Базавая ідэя тых сюжэтаў у тым, што незалежныя СМІ ў Беларусі – гэта, маўляў, змова заходніх спецслужбаў з мэтай дэстабілізацыі краіны.
«Інтэрв’ю» ў турме КДБ напярэдадні інаўгурацыі Трампа
Зняволеных журналістаў Ігара Карнея, Андрэя Кузнечыка і блогера Ігара Лосіка, якія былі звязаныя з Радыё Свабода, што падтрымліваецца ЗША, паказалі ў студзені 2025 года. Яны сядзелі ў чорных турэмных робах, сагнуўшыся, у халодным турэмным дворыку ізалятара КДБ і адказвалі на пытанні, накіраваныя на дыскрэдытацыю недзяржаўных СМІ. Дзяржаўнае тэлебачанне паказала, як Лосіка, які адбывае 15-гадовы тэрмін зняволення па палітычна матываваных абвінавачаннях, канваююць у кайданках да месца «інтэрв’ю».
Іх «інтэрв’ю», кожнае з якіх доўжылася ад 12 да 24 хвілін, шырока рэкламавалі і паказалі ў прайм-тайм на дзяржаўным тэлебачанні за некалькі дзён да інаўгурацыі Дональда Трампа.
Заўвага рэдактара: мы не прыводзім спасылак або скрыншотаў, бо не жадаем спрыяць распаўсюду гэтай формы псіхалагічнага гвалту.
У дадатак да трох поўных «інтэрв’ю», тэлепрапагандысцкі матэрыял пад назвай «Гарматнае мяса Захаду. Як экстрэмісты нішчылі Радзіму і чаму цяпер каяцца» прадставілі «апытаных» журналістаў удзельнікамі спробы дзяржаўнага перавароту, якія не да канца ўсведамлялі наступствы сваіх дзеянняў.
Беларускія дзяржаўныя СМІ часта прадстаўляюць народныя пратэсты ў адказ на сфальсіфікаваныя прэзідэнцкія выбары ў Беларусі ў 2020 годзе як спробу дзяржаўнага перавароту. Мала прыкмет таго, што шырокамаштабныя рэпрэсіі з боку ўладаў у адказ на пратэсты не сціхаюць нават пасля сфабрыкаваных прэзідэнцкіх выбараў, якія адбыліся ў студзені 2025 года і на якіх Лукашэнка прадказальна абвясціў сваю “перамогу”.
Пасланне, адрасаванае ЗША
У студзені дзяржаўнае тэлебачанне зрабіла інтэрв’ю пад прымусам з Юрыем Зянковічам, палітычным зняволеным з беларускім і амерыканскім грамадзянствамі, які адбывае 11-гадовае зняволенне. Ён быў вымушаны абмяркоўваць «каляровыя рэвалюцыі» і знешняе фінансаванне незалежных беларускіх СМІ. У адрозненне ад журналістаў, Зянковіч, якога дзяржаўнае тэлебачанне прадставіла як «амэрыканскага юрыста, палітолага і эксперта», на здымках быў у касцюме і сядзеў у памяшканні, падобным на гасцініцу.
Гэты вобраз рэзка адрозніваўся ад папярэдняга прымусовага сюжэта з Зянковічам у верасні 2024 года, калі яго прадстаўлялі як «чалавека, які планаваў крывавы пераварот» і паказвалі ў турэмным дворыку ў робе зняволенага – ён хваліў Лукашэнку і звяртаўся да кандыдатаў у прэзідэнты ЗША з просьбай дапамагчы яму вярнуцца да сям’і ў ЗША. Паміж такімі відэазапісамі і відэа з закладнікамі, якіх трымаюць тэрарысты або піраты з мэтай атрымання выкупу, вельмі мала розніцы.
Раптоўны візыт у Мінск высокапастаўленага амерыканскага дыпламата
З 2020 года рэжым у Беларусі апублікаваў сотні запісаных пад прымусам відэасюжэтаў з затрыманымі, у асноўным у Telegram-каналах, звязаных з дзяржаўнымі службамі бяспекі. Пакаяльныя «інтэрв’ю» ў студзені 2025 года вылучаліся тым, што выглядалі як разменная манета і запрашэнне новай адміністрацыі ЗША да патэнцыйнага дыялогу пра палітычных зняволеных.
12 лютага 2025 года ў Мінск з неабвешчаным візітам прыехаў намеснік памочніка дзяржсакратара ЗША па Усходняй Еўропе Крыстафер Сміт. Абазначаны The New York Times як «сакрэтная паездка», раптоўны прыезд Сміта ў Мінск сапраўды стаў першым візітам высокапастаўленага амерыканскага дыпламата ў Беларусь з часу візіту дзяржсакратара ЗША Майка Пампеа ў лютым 2020 года падчас першай адміністрацыі Трампа. У артыкуле The New York Times выказваецца дапушчэнне, што калісьці ў будучыні можа адбыцца маштабны абмен паміж Вашынгтонам і Мінскам – зняволеных (у Беларусі іх больш як 1200) на паслабленне санкцый.
У дзень візіту Сміта ў Мінск трох палітычных зняволеных вызвалілі і адразу адвезлі да мяжы з Літвой, дзе іх забралі амэрыканскія дыпламаты з Вільнюса. Адзін з вызваленых, грамадзянін ЗША, пазней паведаміў незалежным СМІ, што вызваленне выглядала як гвалтоўнае выгнанне з краіны. У кайданках і з закрытымі тварамі, яго і Андрэя Кузьнечыка, аднаго з раней «апытаных» журналістаў Радыё Свабода, вывезлі з турмы, не сказаўшы, куды іх вязуць ці што іх вызваляюць. Пазней дзяржаўнае тэлебачанне Беларусі заявіла, што вызваліўшы гэтых зняволеных, Беларусь дапамагла Расіі стварыць больш спрыяльныя ўмовы напярэдадні двухбаковых перамоў паміж Дональдам Трампам і Уладзімірам Пуціным.
Вяртанне дадому – не без умоў, а за асуджэнне ЕС
Яшчэ адзін тып відэа, запісаных пад прымусам, што былі ў распаўсюдзе ў пачатку года, гэта так званыя «інтэрв’ю» з беларусамі, якія жылі ў краінах ЕС, але нядаўна вярнуліся ў Беларусь. Большасць відэасюжэтаў запісваліся падманам што да прызначэння запісу. Апошні фільм, паказаны ў якасці прапаганды, утрымліваў відэасведчанні беларусаў замежжа, якія перажылі шматлікія выпрабаванні, і быў спробай пераканаць тэлегледачоў у непаўнавартаснасці заходніх краін, іх маральным разлажэнні і нізкім узроўні жыцця.
Выглядае на тое, што адна з перадумоў для нібыта бяспечнага вяртання ў Беларусь –запіс відэа з пакаяннем або асуджэннем заходніх краін. Рэжым будзе вырашаць, ці выпускаць такое відэа ў эфір і калі гэта рабіць.
Нядаўні рэпартаж дзяржаўнага тэлебачання з удзелам беларуса, які пераехаў у Іспанію ў 2022 годзе, каб працаваць у ІТ-кампаніі, засяродзіўся на аспектах, якія рэпатрыянту не падабаліся ў Барселоне. У іншым падобным «інтэрв’ю» будаўнік, які на працягу гадоў жыў у Польшчы, па прыбыцці ў Беларусь паўтараў розныя сцверджанні дзяржаўнай прапаганды.
Але відэасюжэтамі людзей не падманеш
Многія з гэтых інтэрв’ю пад прымусам на беларускім дзяржаўным тэлебачанні робяцца не для публічнага пакаяння ў мінулых дзеяннях, а для сімуляцыі энтузіязму і прыхільнасці што да Лукашэнкі і яго палітыкі. Яны таксама імкнуцца дэмаралізаваць апанэнтаў рэжыму. Але інфармацыя пра рэальную сітуацыю сягае праз межы, і відаэсюжэты, падаецца, не могуць падмануць больш шырокае грамадства Беларусі, бо няма распаўсюджаных, добраахвотных праяў падтрымкі.
Дэмакратычна настроеныя людзі адзначаць 25 сакавіка, Дзень Волі для беларусаў, як Дзень салідарнасці з Беларуссю, а не апладысментамі Лукашэнку.